НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),

амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.​Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.​Малера (1909—11), А.​Тасканіні (1927—36), Дз.​Мітропуласа (1950—58), Л.​Бернстайна (1958—69), П.​Булеза (1971—75), З.​Меты (1978—91), К.​Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, О.​Клемперэр, Т.​Бічэм, Л.​Стакоўскі, Ш.​Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.​Чайкоўскі, А.​Рубінштэйн, А.​Дворжак, Р.​Штраус, К.​Сен-Санс, А.​Анегер, І.​Стравінскі, М.​Равель, Дж.​Энеску, Э.​Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў, У.​Горавіц, скрыпачы Я.​Хейфец, Д.​Ойстрах, І.​Сігеці, І.​Менухін і інш.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)